Реферат: Нацыяцальная мадэль свету беларуса i адлюстраванне яе у розных пластах беларускай культуры
Реферат: Нацыяцальная мадэль свету беларуса i адлюстраванне яе у розных пластах беларускай культуры
БЕЛДЗЯРЖУНІВЕРСІТЭТ
Рэфератыўная работа па тэме
«Нацыяцальная мадэль свету ў беларусаў
і адлюстраванне яе ў розных пластах беларускай культуры »
студэнта 1 - ага курса
філасофска - эканамічнага факультэта
Пачабут А.М.
Мінск, 1996.
ПЛАН РЭФЕРАТА:
I. Мастацтва першабытнаабшчыннага ладу на тэрыторыі Беларусі.
II. Мастацтва Беларусі ў IV - XIII стст.
Дойлідства.
III. Мастацтва Беларусі ў XIII - XVI стст.
Абарончае дойлідства.
I. З’яўленне мастацтва ў жыцці чалавека адносіцца да далёкага
перыяду гісторыі, калі ён пачаў ствараць прадметы хатняга ўжытку і
прылады працы. У працэсе практычнай дзейнасці ў нашага продка пачало
абуджацца пачуццё прыгажосці. Яго прыцягвала гармонія навакольнага
прыроднага асяроддзя, чалавечага цела. У час палявання ён любаваўся
грацыёзным спрытам звера. Усё гэта не магло не адбіцца на прадметах
быту, якія вырабляў першабытны чалавек.
Сведчанне ранняй рамеснай дзейнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі -
старажытныя археалагічныя помнікі. Даследаванне прылад працы, выяўленых
пры раскопках, паказвае: гэта не толькі прадметы хатняга ўжытку, але
і ў пэўнай ступені творы прыкладнога мастацтва. Першыя прыкметы
ўзнікнення выяўленчага мастацтва ў Беларусі адносяцца да эпохі позняга
палеаліту - прыкладна 22 - 25 стст. назад. Пры даслядаванні стаянкі
першабытнага чалавека ў вёсцы Елісеевічы Бранскай вобласці знойдзена
шмат караляў з ракавінак і некалькі пласцінак з біўня маманта,
упрыгожаных геаметрычным арнаментам, невялікая пятнаццацісантыметровая,
выразаная таксама з біўня маманта, статуэтка жанчыны. Формы яе цела
перададзены выразна і пластычна, што сведчыць аб зарадженні ў
першабытнага чалавека рэалістычнага ўспрымання навакольнага свету.
У эпоху позняга палеаліту людзі пачалі актыўна ўпрыгожваць сваё цела
і адзення. Магчыма, у гэтым праявілася натуральная прагада прыгожага.
На стаянках верхняга Прыдняпроўя сустракаюцца падвескі з ракавін, з
прасвідраваных зубоў лісіцы, воўка, пацерачкі з вапняковых трубачак
марскіх чарвячкоў. Упрыгаженні дапаўняліся касцянымі трубачкамі,
арнаментаванымі падоўжанымі нарэзкамі. У эпоху неаліту (V-IV
тысячагоддзі да н. э.) асноўнымі дасягненнямі першабытнага чалавека
былі: выраб больш дасканалых - са шліфаванага каменя - прылад працы і
зброі, посуду з гліны, пражы з валакністых раслін.
З разлажэннем у першым тысячагоддзі да нашай эры першабытнабшчыннага
ладу ва ўсходніх славян пачынае мяняцца і характар іх гаспадарчай
дзейнасці. У сувязі з развіццём земляробства вялікае значэнне набывае
вытворчасць рамесных вырабоў. Здабыча і коўка жалеза адкрылі вялікія
магчымасці для развіцця кавальскага і ювелірнага рамёстваў.
Удасканаленне майстэрства рамеснікаў мела вялікае значэнне для развіцця
дэкаратыўнага - прыкладнога мастацтва. Тагачасныя рамяство і мастацтва
былі цесна звязаны. Нярэдка ў адной асобе выступаў і рамеснік, і
мастак.
Да часоў першабытнаабшчыннага ладу адносіцца зараджэнне манументальнай
скульпуры. Тэматыка яе вызначалася язычніцкай міфалогіяй.
У дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў, што насялялі тэрыторыю сучаснай
Беларусі, было даволі шмат язычніцкіх бажаствоў, якім яны пакланяліся
і прыносілі ахвяры, чые скульптуры стваралі. На жаль, большасць з
іх, асабліва драўляных, не захаваліся да нашага часу.
З прыняццем старажытнай Руссю хрысціянства ўсе язычніцкія ідалы былі
знішчаны. Да нас дайшло літаральна некалькі каменных выяў. Прыгадаем
тыя, што ўяўляюць найбольшую цікавасць. Чатырохтварны ідал, знойдзены
ў 1848 г. у раце Збруч, мае выгляд чатырохграннага слупа, завершанага
галавой з чатырма тварамі. Так званы «шклоўскі ідал» знойдзены ў
1963 г. на беразе ракі Серабранка - прытока Дняпра. Гэта
манументальная скульптура з пясчаніка мае вышыню 120 см і вагу 250
кг. Форма яе - цыліндрычная. Твар старажытнага бажества ўзбуйнены ў
параўнанні з фігурай. Вельмі абагульненыя формы надаюць скульптуры
манументальнасць. Такая прымітыўная апрацоўка, напрыклад, уласцівая
галаве антрапаморфнага ідала з каменя - ракушачніка вышынёй 46 см,
знойдзенага пры раскопках на ўскраіне Слоніма.
Язычніцкія культавыя выявы людзей і жывёл знойдзены і ў іншых
месцах Беларусі. Так, у развалінах старажытнага будынка ў Віцебску
адшукана залатая статуя язычніцкага бога. Другі від старажытных
манументальных скульптур - каменныя бабы. Найбольш цікавымі сярод іх
з’яўляліся фігуры жанчын, знойдзеныя у Слонімскім раёне. Там жа былі
выяўлены каменныя скульптуры гусака, гадзюкі і іншых жывёлін.
Найбольш старажытным адлюстраваннем першага тысячагоддзя да нашай эры
з’яўляецца фігурка з абпаленай гліны вышынёй 3,5 см, якая ўяўляе
старога з барадой, зачасанымі валасамі (знойдзена паблізу вёскі
Багушевічы Бярэзінскага раёна). Першабытнае мастацтва мае вялікае
пазнавальнае значэнне для вывучэння гісторыі культуры Беларусі.
II. Разглядаючы мастацтва Беларусі гэтага перыяду, неабходна
падкрэсліць яго непарыўную сувязь з культурай усёй Старажытнай
Русі, адзначыць характэрныя асаблівасці, уласцівыя менавіта беларускаму
мастацтву, своеасаблівасць нацыянальных помнікаў дойлідства.
Агульнасць культурных сувязей праўляецца ў адзінстве будаўнічай
тэхнікі і архітэктуры. Але пры едзінстве, што вынікае з традыцый
дойлідства Старажытнай Русі, архітэктура беларускіх зямель развівалася
ў некалькіх самастойных напрамках. Сведчанне гэтага - помнікі мясцовага
манументальнага дойлідства, якія захаваліся да нашага часу.
У эпоху Кіеўскай дзяржавы і феадальнай раздробленасці на тэрыторыі
сучаснай Беларусі шырока развіваецца горадабудаўніцтва. Згодна з
летапісам, у IX - XI стст. узніклі гарады: Полацк (862), Тураў (980),
Заслаўе (канец X ст.), Мінск і Орша (1067). У іх узводзяцца збудаванні
самага рознага прызначэння: княжацкія харомы, царквы, манастыры.
Да ліку самых старых гарадоў Беларусі належыць Полацк. Ранняе
паселішча ў раёне сучаснага Полацка ўзнікла на месцы ўмацаванага
валамі гарадзішча, размешчанага ў нізоўях прытока Заходняй Дзвіны -
Палоты. На мяжы X - XI стст. гэта ўжо быў добра ўмацаваны горад,
плошча дзяцінца якога дасягала 7 га.
Першым з ліку выдатных культавых збудаванняў Полацка і ўвогуле
заходніх абласцей Старажытнай Русі з’яўляецца Сафійскі сабор,
закладзены паміж 1044 і 1066 гг. Грэчаскае слова «сафія» літаральна
азначала «майстэрства, веды, мудрасць». Але хрысціянамі сэнс яго
тлумачыўся больш шырока і звязваўся, у прыватнасці, з ідэяй чалавечай
«аднадумнасці і супольнасці».
Узводзілі сабор усім мірам. Гэта быў галоўны будынак не толькі
сталіцы, але і ўсяго княства. У вачах жыхароў Полацкай зямлі
Сафійскі сабор сімвалізаваў іх аднадумнасць і еднасць. Аб
першапачатковым яго выглядзе захаваліся супярэчлівыя звесткі. У адных
крыніцах храм гэты называецца сямікупальным, у другіх - пяцікупальным.
У нашы дні ад старажытнага сабора засталіся асобныя часткі падмуркаў,
тры абсіды (гранёныя выступы будынка), склеп і часткі ўнутраных
слупоў. Фрагменты, што захаваліся, дазваляюць меркаваць, што ў мінулым
гэты помнік архітэктуры быў ў многім падобны на Кіеўскую Сафію, але
меў і некаторыя адрозненні. Адной з арыгінальных асаблівасцей
полацкакага сабора з’яўляюцца гранёныя абсіды. Ні ў Кіеве, ні ў
Ноўгарадзе такія абсіды не сустракаюцца. Таксама характэрная рыса храма
ў Полацку - адсутнасць абходных галерэй і вежаў. Дзякуючы гэтаму
вонкавы аб’ём збудавання выглядаў больш велічным і дынамічным.
У XVIII ст. гэты помнік архітэктуры поўнасцю перабудавалі: зніклі
купалы, з’явіліся дзве вежы на галоўным фасаде. Сабор быў
пераўтвораны ва уніяцкую базіліку.
Другі славуты архітэктурны помнік полацкай зямлі - Спаса - Ефрасінеўская
царква, пабудаваная паміж 1128 і 1156 гг. дойлідам Іаанам. Гэта
аднагаловая пабудова невялікага памеру, простага плана. Манументальнасць
яе знешняму выгляду надае ярусная вонкавая кампазіцыя. Узведзена
царква па загаду славутай Ефрасінні Полацкай. Збудаванне заняло
ганаровае месца ў гісторыі дойлідства і паклала пачатак распаўсюджанню
пірамідальна - шатровых храмаў у Расіі, на Украіне і ў Беларусі.
Выдатны помнік старажытнай манументальнай архітэктуры - Барысаглебская
царква XII ст., якая дагэтуль узвышаецца на Замкавай гары г. Гродна.
Сцены невялікага храма выкладзены з чырвонай цеглы. У іх умураваны
паліраваныя плоскія цёмна - чырвоныя камяні, а таксама керамічныя
пліты, пакрытыя глазурай жоўта - залатых і бірузова - зялёных таноў.
Амаль восемсот гадоў упрыгожваюць яны фасады пабудовы, але не
страцілі сакавітасці і чысціні колеру. Ствараецца ілюзія інкрустацыі
каштоўнымі каменямі. У скляпенні і верхнія часткі ўнутраных сцен былі
ўмураваны керамічныя гаршкі - галоснікі. Гэты дойлідскі прыём змягчаў
гук, забяспечваючы тым не менш добрую акустыку. Падлога храма была
пакрыта керамічнымі пліткамі зялёнага, жоўтага, і карычневага колеру,
што ўтваралі арнаментальны дыван вялікай мастацкай выразнасці.
Барысаглебская царква, размешчаная на высокім абрывістым беразе Нёмана,
захавалася не поўнасцю. Скляпенні яе і купал зніклі даўно, паўднёвыя
і частка заходняй сцяны абваліліся ў выніку апоўзня 1853 г.
Адным з найбольш значных помнікаў дойлідства раннефеадальнай эпохі на
тэрыторыі Беларусі была Благавешчанская царква у г. Віцебску (сярэдзіна
XII ст.). Гэты аднакупальны, трохабсідны храм размяшчаўся на левым
беразе Заходняй дзвіны. Архітэктура яго была простай, але выразнай:
сцены ажыўляліся толькі паўцыркульнымі кіламі і вертыкальнымі
лапаткамі. На жаль, зрайнаваны ён ужо ў наш час.
III. Да XIII ст. звесткі аб мураваных крапасных збудаваннях на
тэрыторыі Беларусі адсутнічаюць. Але ўжо ў перыяд феадальнай
раздробленасці і распаду Кіеўскай дзяржавы з’яўляюцца першыя мураваныя
збудаванні тыпу асобнай магутнай абарончай вежы, якая
абкружалася землянымі і драўлянымі ўмацаваннямі. Падобныя вежы - данжоны
ў VIII - XIV стст. былі пашыраныя таксама ў Польшчы, Скандынавіі,
Прыбалтыцы, паўночна - заходняй Русі, на Валыні. З розных крыніцаў
вядома пра вежы ў Полацку, Тураве, Гародне, Навагрудку, Бярэсці.
У раённым центре Камянец Брэсцкай вобласці да цяперашніх дзён
захавалася абаронна - вартавое збудаванне, вядомае як Белая Вежа.
Летапіс сведчыць, што ўзведзена яна майстрам Алексай пры дапамозе
мясцовых жыхароў у XIII стагодзі (паміж 1276 і 1288 гг.). Вежа
круглая з вонкавым дыяметрам 13,6 м пры таўшчыні сцен 2,5 м. Вышыня -
29,4 м. Пяць яе ярусаў злучаны паміж сабой унутранай лесвіцай. А з
трэцяга яруса можна было дабрацца да верхняй пляцоўкі таксама і па
каменных прыступках, што знаходзіліся ў тоўстых сценах. Агульная
плошча памяшканняў на ўсіх паверхах дасягала 300 кв. м., што дазваляла
ў час абароны размясціць шмат воінаў. Змураваныя з цэглы сцены крыху
нахіленыя ўнутр, не маюць звонку гарызантальных чляненняў і завершаныя
буйнымі зубцамі, адпаведнымі агульным прапорцыям вежы. У гэтым помніку
спалучыліся кампазіцыйныя, канструктыўныя і дэкаратыўныя прыёмы
раманскай архітэктуры з раннегатычнымі.
У другой палове XIII ст. узнікла новая дзяржава - Вялікае Княства
Літоўскае. У гэты час у беларускім дойлідстве з’яўляецца новы тып
манументальнага збудавання - замак, які спалучаў у сабе
жылыя і абарончыя функцыі, а таксама задачы грамадскага
прадстаўніцтва. Заходнія рубяжы ВКЛ аперазаў цэлы ланцуг мураваных
замкаў у Крэве, Лідзе, Медніках, Троках, Навагрудку, Гародне і
Вільні.
Па планіровачна - кампазіцыйным вырашенні адзначаныя замкі падзеляюцца
на два тыпы. Замкі ў Крэве і Лідзе, пабудаваныя ў першай палове
XIV ст., уяўляюць тып замка - кастэлі з рэгулярнай
формай плана і тучнымі землянымі ўмацаваннямі. Яны ўзведзеныя на
нізіннай мясцовасці на насыпным узвышшы і абкружаныя ровам з вадою.
Магутныя мураваныя сцены (вышынёй каля 12 м, таўшчынёй 2,75 м)
утваралі ў плане неправільны чатырохвугольнік, блізкі да квадрата.
Баявую моц сценаў, якія завяршаліся крытымі навяснымі галерэямі і
байніцамі, узмацнялі дзве квадратныя ў плане вуглавыя вежы,
размешчаныя па дыяганалі замкавага двара. Вежы ўяўлялі з сябе
лаканічныя прызматычныя аб’ёмы без вонкавых гарызантальных гляненняў,
накрытыя чатырохсхільнымі шатрамі. Унутры яны мелі некалькі ярусаў,
перакрытых крыжовымі і нярвюрнымі скляпеннямі. Дапаможныя службы
размяшчаліся ў драўляных пабудовах унутры двара ў адрозненне ад
рыцарскіх замкаў - канветхаўзаў, якія мелі па перыметры масіўныя
мураваныя будынкі з развітай сеткай памяшканняў.
Другі архітэктурны тып уяўляюць нерэгулярныя замкі ў
Навагрудку і Гародні, якія працягвалі развіваць традыцыі ўмацаваных
гарадзішчаў і дзядзінцаў старажытных гарадоў. Яны размяшчаліся на
натуральных узвышшах вышінёй 30 - 40 м і мелі ў плане паліганальную
форму, адпаведную рэльефу. Да канца XIV ст. аснову іх складалі
драўляныя сцены - гародні ў спалучэнні з адной магутнай мураванай
вежай, якія былі ўзведзеныя яшчэ ў XIII ст.
Пасля разгрому Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве (1410 г)
будаўніцтва замкаў агульнадзяржаўнага прызначэння скарацілася, але
беларускае дойлідства ў цэлым працягвала захоўваць абарончы характар.
На мяжы XV - XVI стст. пашыралася будаўніцтва прыватных замкаў
. Вышэйшым дасягненнем нацыянальнага ваенна - інжынернага мастацтва
пачатку XVI ст. з’яўляецца замак у Міры, які належаў старажытнаму
праваслаўнаму феадальнаму роду Іллінічаў. Магутныя сцены, якія
ўтвараюць амаль квадратны замкнёны двор, і пяць шматярусных вежаў
былі ўзведзены у 1506 - 1510 гг. Замак абкружалі штучныя земляныя
ўмацаванні - вал і роў, праз які перакінуты развадны мост. Сцены мелі
тры ўзроўні бою. У ніжняй частцы сценаў прарэзаны амбразуры для
гарматаў. На вышыні 8 м унутры сценаў ішла галерэя з ружэйнымі
байніцамі. Завяршала сцены баёвая пляцоўка, пакрытая зубчатым
парапетам. Вежы маюць аднолькавы прынцып кампазіцыйнай будовы.
Асаблівай магутнасцю вылучалася шасціярусная вежа - брама. Дэкаратыўнае
аздабленне помніка заснавана на спалучэнні адкрытай цаглянай муроўкі з
украпінамі камянёў і атынкаваных арачных нішаў, раструбай амбразур,
арнаментальных паясоў. Разнастайны прапарцыянальны лад і дэкор вежаў
надаюць замку непаўторны мастацкі вобраз.
Падобныя кампазіцыю, дэкор і фартыфікацыйныя элементы мелі
абарончыя царквы канца XV - пачатку XVI стст. у Полацку,
Супраслі, Сынковічах і Мураванцы. Заснавальнікам гэтага тыпу культавых
будынкаў з’явіўся, верагодна, Сафійскі сабор ў Полацку, які ў 1495 -
1501 гг. быў перабудованы і набыў абарончыя абрысы. Самабытная
архітэктура цэркваў - крэпасцей склалася на аснове знітавання структуры
руска - візантыйскага крыжова - купальнага храма і традыцыйных прыёмаў
мясцовага дойлідства. Найбольш выдатнымі помнікамі цэрквей - крэпасцей
лічацца цэрквы ў Сынковічах і Мураванцы.
Акрамя чатырохвежавых храмаў - крэпасцей да беларускай готыкі належаць
яшчэ некалькі старадаўніх культавых будынкаў, якія не маюць выяўленых
абарончых прыстасаванняў. Гэта найбольш раннія на беларускай зямлі
мураваныя касцёлы XV - XVI стст. у вёсках Ішкалдзь, Уселюб,
Гнезна, а таксама Барысаглебская царква ў Навагрудку. Ім уласцівыя
гатычная канструкція і мысцовы характар дэкору: нярвюрныя скляпенні,
контрфорсы, стральчастыя прыёмы, тоўстыя сцены, аздобленыя ўзорам з
атынкаваных арачных нішаў і цёмнай перапаленай цеглы.
Менавіта два помнікі беларускага абарончага дойлідства: замак у Міры
і царква - крэпасць у Сынковічах уключаныя ў каталог шэдэўраў
сусветнай архітэктуры.
Літаратура:
1. «Народная асвета» № 5, 6, 7 / 1994 г.
2. «Роднае слова» № 8, 9 / 1993 г.
|