рефераты курсовые

Іслам

Іслам

23

1. Узнікненне ісламу

Іслам з'яўляецца самай маладой сусветнай рэлігіяй. Ён узнік у VІІ ст. н.э., амаль на 600 гадоў пазней за хрысціянства і больш чым на 1000 - за будызм.

Зараз іслам - другая па колькасці сусветная рэлігія. Яго вызнае 1 мільярд чалавек, больш чым у 120 краінах свету, прычым колькасць прыхільнікаў ісламу інтэнсіўна павялічваецца, дзякуючы, у асноўным, традыцыйна высокай сярод іх ступені нараджальнасці. Асноўная колькасць мусульман жыве ў Заходняй, Паўднёвай, Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўночнай Афрыцы. У 28 краінах іслам з'яўляецца дзяржаўнай альбо афіцыйнай рэлігіяй (Ірак, Іран, Афганістан, Пакістан, Саудаўская Аравія, Егіпет, Марока і інш.).

Іслам узнік сярод арабаў на захадзе Аравійскага паўвострава, калі там ужо былі вядомы іўдзейскія і хрысціянскія погляды. Таму, разглядаючы абставіны ягонага фарміравання, трэба ўлічваць як сацыяльна-эканамічную сітуацыю, у якой знаходзіліся арабскія плямёны ў пачатку VІІ ст., так і ўплыў іншых рэлігій.

Даісламскія арабы - адзін са шматлікіх семіцкіх народаў, якія жылі ў гэтым раёне Бліжняга Усходу з даўніх часоў. Падзяляліся яны на качавыя плямёны, якія пераважна займаліся жывёлагадоўляй, а таксама гарадскіх арабаў, якія жылі за кошт гандлю, часткова рамяства і земляробства. Праз Меку, Ятрыб, Йемен, якія ў першыя стагоддзі н.э. уяўлялі сабой невялікія гарады-протадзяржавы, ішлі гандлёвыя шляхі з Індыі і Кітая ў Еўропу. Гэта давала прыбытак як гараджанам, так і качавым плямёнам, якія бралі плату за бесперашкодны праход караванаў праз свае тэрыторыі.

Аднак у другой палове VІ ст. гандлёвыя шляхі перамясціліся на поўнач Аравійскага паўвострава, што прывяло да крызісу ў былых цэнтрах гандлю, які закранаў таксама і качавыя арабскія плямёны. Таксама ў гэты перыяд узмацняецца небяспека захопу арабских гарадоў суседнімі моцнымі дзяржавамі, перш за ўсё Візантыяй і Іранам. 3'явілася патрэба ў моцнай дзяржаве, якая б аб'яднала плямёны і забяспечыла жыццядзейнасць арабскага грамадства. Напружанасць крытычнай сітуацыі знайшла свае выяўленне ў духоўных браджэннях, што паслужыла штуршком для ўзнікнення новай рэлігіі.

Большасць арабаў з даўніх часоў былі язычнікамі. Яны шанавалі Сонца, Луну, шматлікіх духаў пустыні, памёрлых продкаў. На поўдні Аравіі быў распадсюджаны фетышызм, які знайшоў сваё адлюстраванне ў кульце вялікіх пастаўленых на рабро камянёў. Найбольш знакамітым з іх быў Чорны камень у свяцілішчы Кааба ў Мецы. Ён меў кубічную форму: быў акружаны шматлікімі іншымі каменнымі фетышамі, якія сімвалізавалі розных племянных багоў і духаў і ўспрымаліся ўсімі арабамі як вышэйшы боскі сімвал. Мека з'яўлялася рэлігійным цэнтрам. Некалькі разоў у год, на святы, прадстаўнікі арабскіх плямёнаў наведвалі яе, каб ушанаваць сваіх багоў. Пры гэтым яны прадавалі свае тавары і куплялі тавары ў меканцаў, ад чаго апошнія мелі прыбытак. Даследчыкі лічаць, што шанаванне Чорнага каменя ў нейкай ступені адлюстравала ўзнікаючыя ў арабаў уяўленні аб вышэйшым бостве. Адной з крыніц гэтых уяўленняў былі монатэістычныя рэлігіі іудаізм і хрысціянства. Іудаізм існаваў у Аравіі ўжо амаль тысячагоддзе, асабліва ў гарадах, дзе жылі буйныя суполкі яўрэйскіх гандляроў. У Сірыі, Палестыне, Месапатаміі было шырока распаўсюджана хрысціянства. Апроч таго, побач былі такія хрысціянскія краіны як Візантыя і Егіпет. На рэлігійныя пошукі араба ў аказвалі таксама ўплыў ідэі зораастрызма, якія пранікалі з Ірана.

У VІ cт. сярод арабаў атрымаў распаўсюджванне рух ханіфаў - прарокаў-прапаведнікаў, якія заклікалі да адмаўлення ад язычніцкага політэізму і шанавання адзінага Бога. Падрабязных звестак аб дзейнасці ханіфаў і змесце іх пропаведзяў не захавалася, аднак вядома, што Бог, якога яны прапаведвалі адрозніваўся ад багоў іудзеяў і хрысціян. Дзейнасць ханіфаў паступова падрыхтоўвала пераход арабаў да монатэізму.

Заснавальнікам новай рэлігіі з'явіўся прарок Мухамед (каля 570 - 632 гг.). Аб яго жыцці вядома даволі шмат. Мухамед паходзіў з магутнага меканскага племені курэйшн. Ён рана асірацеў і спачатку пасвіў скаціну ў свайго дзядзькі Абу Таліба. Ёсць некалькі легенд аб дзіцячых гадах Мухамеда. Напрыклад, што аднойчы з'явіліся анёлы і ачысцілі ягонае сэрца ад грахоўных помыслаў. У 25 год ён ажаніўся на багатай удаве Хадзіджэ, у якой да гэтага служыў. Нягледзячы на даволі вялікую розніцу ва ўзросце (Хадзіджа была на 15 гадоў старэй), шлюб быў шчаслівы. У іх нарадзілася 6 дзяцей, але толькі любімая дачка Мухамеда Фаціма перажыла бацьку і пакінула нашчадкаў.

Пасля жаніцьбы на Хадзіджэ Мухамед перастаў займацца гандлем і прысвяціў сябе рэлігійным пощукам. На працягу некалькіх год ён праводзіў доўгія гадзіны на адной з гор каля Мекі. Хадзіджа з разуменнем ставілася да паводзін свайго мужа і не перашкаджала яму. Калі Мухамеду было каля 40 гадоў, яму сталі з'яўляцца нейкія духоўныя істоты і ён стаў чуць галасы, якія абвясцілі яго прарокам і загадалі пачаць прапаведаваць арабам адзінага Алаха (араб. «Боства»). Гэтыя прывіды наведвалі Мухамеда да канца яго жыцця, на падставе іх была створана свяшчэнная кніга ісламу «Каран''.

Спачатку на працягу трох гадоў Мухамед прапаведаваў толькі абмежаванаму колу блізкіх яму людзей. Першымі, хто падтрымаў Мухамеда ў якасці пасланніка Алаха былі Хадзіджа, яго стрыечны брат Алі, які ажаніўся на Фаціме і прыёмны сын Зейд. Потым да іх далучыліся паважаныя меканцы Абу Бакр, Амар, Асман, Хамза і інш. Аднак, калі Мухамед пачаў выступаць з адкрытымі пропаведзямі, большасць меканцаў сустрэла іх вельмі насцярожана. Абумоўлена гэта было тым, што ён адмаўляў усіх старых багоў апроч Алаха і сцвярджаў, што продкі курэйшытаў за сваё нявер'е гараць у пекле. Апроч таго, меканцы баяліся за свае эканамічныя інтарэсы: калі адмаўляюцца старыя багі, дык арабскія плямёны не будуць прыходзіць у Меку, каб іх шанаваць, а, значыць, не будзе гандлю і прыбытку. Узнікла пагроза жыццю Мухамеда і яго прыхільнікаў. Стала немагчыма далей займацца рэлігійнай дзейнасцю ў Мецы і Мухамед прымае запрашэнне жыхароў суседняга горада Ятрыб, адкуль была родам ягоная маці, перасяліцца да іх. Запрашэнне было абумоўлена тым, што ў Ятрыбе існавалі доўгія і заблытаныя канфлікты, і жыхары спадзяваліся вырашыць іх па арабскаму звычаю пры дапамозе аўтарытэтнага і непрадузятага трацейскага суддзі. У якасці такога суддзі і запрасілі Мухамеда, прызнаўшы тым самым аўтарытэтнасць яго як прарока.

Спачатку ў Ятрыб невялічкімі групамі ўпотай ад меканцаў перасяліліся прыкладна семдзесят сем'яў паслядоўнікаў Мухамеда, а потым у 622 годзе і ён сам са сваімі блізкімі. Меканцы праследавалі прарока, але ён паспеў схавацца ў пячоры. I, згодна з легендай, уваход у яе павук адразу ж заткаў павуцінай, чым падмануў пагоню.

Пераезд Мухамеда ў 622 годзе з Мекі ў Ятрыб, якая у хуткім часе стала называцца Медына (Горад Прарока), з'яўляецца пачаткам мусульманскага летазлічэння.

Жыхары Медыны, у якіх былі варожыя адносіны з Мекай, ахвотна прынялі Мухамеда, а наяўнасць у іх вялікай яўрэйскай суполкі зрабіла іх больш падрыхтаванымі да прыняцця новага вучэння. Хутка амаль усе медынцы зрабіліся паслядоўнікамі Мухамеда.

Менавіта ў Медыне адбылося канчатковае афармленне ісламу як рэлігіі. Адкрыцці, якія былі дасланы Мухамеду ў Медыне, змяшчалі заканадаўчыя нормы, вельмі патрэбныя для арабскага грамадства. Таксама тут адбываецца аддзяленне новай рэлігіі ад іудаізму і хрысціянства. Спачатку Мухамед наогул не настойваў на тым, што ён стварыў новае вучэнне. Ён выступаў за прызнанне адзінага Бога, які ў чымсьці быў падобны на іудзейскага і хрысціянскага, хаця яўна нагадваў вышэйшае боства Каабы. Усіх іудзеяў і хрысціян Мухамед ахвотна запрашаў далучыцца да яго і лічыў сваімі духоўнымі братамі. Паказальна, што спачатку Мухамед і ягоныя прыхільнікі маліліся ў бок Іерусаліма. Аднак іудзеі адмовіліся прызнаваць яго як прарока. Яны сталі адкрыта высмейваць тэалагічныя памылкі малапісьменнага Мухамеда і часта актыўна супрацьстаялі яму, падтрымліваючы Меку. У адказ Мухамед выгнаў два яўрэйскія кланы з Медыны, а мужчын трэцяга казніў. Маліцца было загадана ў бок Мекі.

Прыхільнікі Мухамеда стварылі ў Медыне сваю суполку, якая ў адрозненне ад традыцыйных для Аравіі рода-племянных аб'яднанняў будавалася на падставе не кроўнай роднасці, а рэлігійнага адзінства. Яна ўяўляла сабой тэакратычную арганізацыю, у якой Мухамед быў адначасова духоўным і свецкім кіраўніком.

У хуткім часе пад уплывам ісламскай суполкі Медыны аказалася амаль уся Паўднёвая і Заходняя Аравія. Большасць арабскіх плямёнаў прызналі ўладу Мухамеда добраахвотна, але ў некаторых выпадках ужывалася сіла. Восем гадоў цягнулася вайна Медыны з Мекай, поспех у якой паступова схіляўся на бок Мухамеда, тым больш што ў самой Мецы частка насельніцтва была тайнай прыхільніцай новай рэлігіі. У 630 г. Мухамед, не сустракаючы амаль ніякага супраціўлення, авалодаў Мекай і абвясціў яе свяшчэнным горадам мусульман, а храм Каабу - галоўным мусульманскім свяцілішчам. З Каабы былі выкінуты ўсе ідалы і пакінуты толькі Чорны камень. Калі да гэтага прыняцце ісламу лічылася асабістай справай кожнага, то пасля авалодання Мекай арабы былі пастаўлены перад выбарам - альбо іслам, альбо меч (смерць). Па сутнасці была абвешчана вайна язычнікам. Памірыўшыся з меканцамі, якія пачалі масава прымаць іслам, Мухамед працягнуў пашырэнне новай веры. У 632 г., калі ўсе аравійскія плямёны, якія раней шанавалі меканскую Каабу прынялі іслам, Мухамед памёр і быў пахаваны ў Медыне.

Пасля ягонай смерці ўзнікла пытанне аб тым, хто зараз узначаліць мусульман. Пры гэтым гаворка ішла не столькі аб духоўным лідэры, колькі аб кіраўніку вялікай дзяржавы, якая паступова складвалася. Мухамед не пакінуў распараджэнняў аб сваім пераемніку. Перадача ўлады ў спадчыну выключалася таму, што ў Мухамеда не засталося дзяцей мужчынскага полу, таму быў абраны прынцып выбарнасці намеснікаў прарока (халіфаў). Першым халіфам быў абраны Абу Бакр, які працягнуў распаўсюджванне ісламу.

Менавіта пры Абу Бакры быў пакладзены пачатак арабскім заваяванням іншах народаў, мэтай якіх было абвешчана распаўсюджанне ісламу. Набегі на суседзяў з'яўляліся звычайным заняткам арабскіх плямёнаў, і першыя халіфы выкарсталі ваенную энергію арабаў ў рэлігійных мэтах. Гэты шлях адпавядаў і ісламскім уяўленням аб джыхадзе - свяшчэннай вайне за веру і імкненням да ваеннай здабычы, якая ўжо пры Мухамедзе зрабілася галоўнай крыніцай даходу мусульманскай суполкі.

Першыя ж набегі былі вельмі паспяховымі. Дзве вялікія імперыі, якія існавалі ў тыя часы - Візантыйская і Персідская - знаходзіліся ўжо 50 год у стане вайны і былі вельмі аслабденымі. Апроч таго, народы, якія іх засялялі, ненавідзелі цэнтральныя ўлады і сустракалі арабаў як вызваліцеляў. За кароткі час мусульмане заваявалі каласальную тэрыторыю - ад Індыі да Іспаніі. На заваяванай тэрыторыі была створана дзяржава - Арабскі халіфат, свецкая і дзяржаўная ўлада ў якой належала халіфам.

Трэба адзначыць, што альтэрнатыва «альбо іслам альбо меч» ставілася мусульманамі толькі перад язычнікамі. Хрысціяне ж і іудзеі, якіх яшчэ Мухамед называў «людзьмі Пісання», бо яны верылі ў адзінага Бога і мелі свяшчэнныя кнігі, атрымалі статус «ахоўваемых меншасцяў» і маглі вызнаваць свае рэлігіі. Аднак для немусульман былі ўстаноўлены значна большыя падаткі, чым для мусульман, і таму паступова адбываецца ісламізацыя заваяваных народаў. Зараз іслам распаўсюджаны ў асноўным у краінах, тэрыторыі якіх раней уваходзілі ў склад Арабскага халіфата.

2. Веравывучэнне і культ ісламу

Іслам як і хрысціянства - гэта рэлігія адкрыцця. Лічыцца, што асноўныя палажэнні яго веравучэння не з'яўляюцца вынікам чалавечых разважанняў, але былі адкрыты Мухамеду самім Алахам праз пасрэдніцтва архангела Джабраіла. Сукупнасць гэтых адкрыццяў складаюць галоўную свяшчэнную кнігу ісламу - Каран (араб. куран - дэкламаванне, чытанне ўголас). Гэта зборнік пропаведзяў, якія былі сказаны Мухамедам галоўным чынам у Меке і Медыне паміж 610 і 632 гг. Бліжэйшыя паплечнікі Мухамеда, які быў сам непісьменным, запісвалі для сябе асобныя ўрыўкі пропаведзяў, але ў цэлым, згодна з існуючай на Усходзе традыцыяй, Каран перадаваўся вусна. Запісаны ён быў пасля смерці Мухамеда паміж 650 і 656 гг. былым сакратаром Мухамеда Зейдам па даручэнні халіфаў Абу Бекра і Амара. Паралельна з ім гэтай працай займаліся і іншыя, таму з'явілася 4 варыянты Карана. Амар даручыў Зейду звесці іх да адзінай рэдакцыі, і калі гэта было зроблена, першапачатковыя версіі спалілі, а зводны тэкст быў афіцыйна кананізаваны. Таму зараз усе кірункі ў ісламе карыстаюцца адным варыянтам Карана.

Змест Карана складаюць матэрыялы старажытнаарабскага фальклору, а таксама запазычанні з Бібліі. Самі мусульмане супадзенні многіх сюжэтаў Карана і Бібліі тлумачаць тым, што Алах адкрываўся людзям некалькі разоў. Спачатку ён часткова адкрыся яўрэям, так узнік Стары Запавет. Потым, больш поўна, - хрысціянам у Новым Запавеце. I, нарэшце, арабам ён адкрыўся цалкам праз Каран. Такім чынам, апошні - гэта праўдзівае і канчатковае адкрыццё Алаха.

Каран падзяляецца на 114 глаў (сур), якія, за выключэннем першай, размешчаны без усякай лагічнай альбо храналагічнай сувязі, па меры памяншэння аб'ёму тэкста. Першая сура ўяўляе сабой малітву, якую кожны мусульманін павінен казаць прынамсі пяць разоў у дзень, далей ідзе самая вялікая, другая, сура і ў канцы самая маленькая - 114. Назвай для кожнай суры звычайна служыць яе першае слова: «Адкрываючая кнігу», «Карова», «Людзі''. Суры падзяляюцца на вершы (аяты). Слова «аят» мае таксама значэнне «знаменне», «цуд». Згодна з паданнем, калі Мухамеда папрасілі аб цудзе для доказу яго прароцкай ролі, ён проста спаслаўся на вершы Карана: яны і з'яўляліся ягоным цудам. У самай вялікай, другой, главе 286 аятаў, у самай кароткай 114 - 3. Спецыялісты падзяляюць суры Карана на дзве групы: меканскую, калі яшчэ мала хто прызнаваў Мухамеда прарокам, і медынскую, калі ён быў ужо аўтарытэтным заснавальнікам новай рэлігіі. Каран напісаны рытмічнай прозай, тэкст яго абрывісты і нярэдка супярэчлівы, што тлумачыцца экстатычным альбо блізкім да яго станам, у якім Мухамед казаў свае пропаведзі. Гэтыя супярэчнасці адчуваў і сам прарок, тлумачыў жа ён іх тым, што Алах змяніў свае першапачатковыя меркаванні, каб зрабіць іх лепшымі.

Другой свяшчэннай кнігай ісламу, яго, так бы мовіць, «Свяшчэнным Паданнем», з'яўляецца Суна (араб. «звычай», «прыклад») - зборнік апавяданняў (хадзісаў) аб жыцці і выказваннях Мухамеда. Гэтыя апавяданні пасля смерці прарока ў выглядзе ўспамінаў былі шырока распаўсюджаны сярод яго прыхільнікаў і сталі рупліва збірацца і запісвацца. У IX ст. яны былі зведзены ў шэсць зборнікаў і склалі Суну. Асноўнае яе прызначэнне - паказваць прыклад Мухамеда як узор для вырашэння тых праблем, якія паўстаюць перад мусульманамі.

Сучасныя даследчыкі лічаць, што асноўная колькасць хадзісаў не заслугоўвае даверу, бо Суна складвалася праз два стагоддзі пасля смерці Мухамеда, і многія апавяданні былі зменены альбо прыдуманы, каб растлмачыць тыя новаўвядзенні, аб якіх сам прарок не мог ведаць. Аднак Суна стала для мусульманскіх багасловаў каштоўнай кнігай, якая дапамагала тлумачыць і дапаўняць Каран.

На падставе Карана і Суны склаўся зборнік прадпісанняў - шарыят (спачатку слова «шарыят» азначала «дарога да вадапою», а потым было пераасэнсавана як «прамы, правільны шлях запаведзяў Алаха»). У яго ўваходзяць не толькі прававыя, але і маральныя нормы і культавыя прадпісанні, якія ахопліваюць ўсё жыццё мусульманіна. Трэба адзначыць, што правілам шарыяту мусульмане надаюць значна большую ўвагу, чым чыста дагматычным палажэнням, бо іслам значна больш дэтальна распрацоўвае праблемы штодзённага жыцця, чым пытанні аб сутнасці Алаха. Шарыят можа характарызавацца як увасабленне спецыфікі стылю ісламскага мыслення і жыцця і аснова самога ісламу.

Аднак сістэматызаваным зводам законаў шарыят не з'яўляецца. У ім перад усім закранаюцца пытанні дагматыкі і этыкі, якія вызначаюць перакананні і рэлігійнае сумленне мусульманіна. Канкрэтную сацыяльна-нарматыўную рэгламентацыю агульным палажэнням шарыята дае фзкх - мусульманскае права ў шырокім сэнсе слова.

Асноўнымі палажэннямі веравучэння ісламу з'яўляюцца:

1. Вера ў Алаха. Згодна з перакананнем мусульман, Алах - гэта адзіны Бог, які стварыў увесь свет і вызначае ягонае існаванне. Ёсць 99 імён Алаха і яшчэ адно імя, вядомае толькі прарокам. Калі ў хрысціянстве Бог - Айцец, то ў ісламе ён - вышэйшы, усемагутны, мудры і ўсёміласцівы суддзя. Побач з ім няма ні багоў, ні якіх-небудзь самастойных звышнатуральных істот. Таму ў Каране адмаўляецца хрысціянскае вучэнне аб Тройцы, сутнасць якога, дарэчы, Мухамед разумеў неправільна, аб чым сведчаць наступныя месцы: «Не веравалі тыя, якія казалі: «Бо Алах - трэці з трох» і далей: «О Іса, сын Майрамі! Ці ты сказаў людзям: «Прыміце мяне і маю маці, двума багамі апроч Алаха?» Мухамед лічыў, што хрысціяне шануюць Тройцу як святую сям'ю, якае складаецца з Бога Айца, Марыі Маці і Сына іх Ісуса.

Мусульмане вераць у існаванне мноства анёлаў і дэманаў, але падобна хрысціянам, разглядаюць іх не як самастойных звышнатуральных істот, а як стварэнняў адзінага і ўсемагутнага Алаха. Яны бясполыя і бясплотныя, могуць тварыць дабро і зло. Анёлы, галоўнымі сярод якіх з'яўляюцца Джабраіл, Мікаіл, Ісрафіл, Азрыл - гэта носьбіты добрага пачатку. Сярод іх існуе раздзяленне працы: ёсць анёлы-захавальнікі (па двое ў кожнага чалавека, прычым яны нясуць як быццам бы кругласутачяую вахту, змяняючы адзін аднаго раніцай і ўвечары), анёлы, якія ахоўваюць могілкі, анёлы - пасланцы Алаха, анёлы, якія ўзначальваюць рай (Рыдван) і пекла (Малік).

Свету анёлаў супрацьстаіць свет дэманаў і джынаў на чале з Іблісам. Апошні выконвае тую ж ролю, што і Люцыфер у хрысціянстве. Ібліс - па паходжанню анёл, быў створаны Алахам з агню і адмовіўся пакланіцца створанаму з праха чалавеку, за што Алах яго пракляў і паабяцаў, што на Апошнім Судзе ён будзе скінуты разам з усімі дэманамі. Пакуль жа Ібліс - кіраўнік усіх дэманаў і джынаў, якіх ён здольны сам параджаць. Асноўны ягоны занятак - прымушаць людзей забыць аб прадпісаных Алахам нормах паводзін.

2. Вера ў прарокаў і пасланніцтва Мухамеда. Мусульмане вераць, што да Мухамеда існавала не менш за сто тысяч прарокаў (па некаторых звестках, 124 тыс.), хаця ў Каране ўзгаданы толькі 28, першым з якіх Мухамед лічыў Адама. Дзевяць прарокаў названы ў Каране «стойкімі»: Нух (Ной), Ібрахім (Аўраам), Дауд (Давід), Йакуб (Якаў), Йусуф (Восіп), Айуб (Іоў), Муса (Маісей), Іса (Ісус) і, нарэшце, Мухамед.

У ісламе падкрэсліваецца, што прарокі - гэта не звышнатуральныя істоты, а людзі, праз якіх гаворыць Алах. Яны больш годныя, чым усе анёлы нябесныя. Вышэйшыя з прарокаў - пасланнікі (усяго іх 313), якім Алах даў пісанне, а вышэйшы з пасланнікаў - Мухамед, Пасланнік Алаха, Пячатка прарокаў. Пасля яго прарокаў не было і не будзе.

Мусульмане шануюць Ісуса Хрыста як прарока, адмаўляючы ягоную боскую сутнасць. Аднак Каран вучыць, што Ісус быў народжаны дзевай, рабіў цуды, жыў праведным жыццём, узнёсся жывым у рай і будзе ягонае прышэсце ў канцы свету.

3. Вера ў святасць Карана. Згодна з мусульманскім веравучэннем, Каран нікім не створаны, ён вечны (у гэтым, дарэчы, супярэчнасць з палажэннем аб тым, што ўсё створана Алахам). Арыгінал Карана знаходзіцца пад прастолам у Алаха. Той тэкст, якім карыстаюцца мусульмане, быў прадыктаваны з арыгінала Мухамеду архангелам Джабраілам. Шануецца кожны асобнік Карана і мусульманін дакранаецца да яго толькі пасля абраду ачышчэння. Кнігі, як правіла, абгортваюць тканінай і ставяць у доме на ганаровае месца. Многія мусульмане ведаюць Каран на памяць.

4. Вера ў прадвызначэнне Алахам лёсу кожнага чалавека. Мусульмане вераць, што ўсё падпарадкавана волі Алаха, якая нічым не звязана і людзі не могуцьяе спасцігнуць. Чалавек не здольны змяніць свой лёс і павінен падпарадкавацца волі Алаха. Аднак гэта не вядзе да пасіўнасці прыхільнікаў ісламу. Якраз наадварот: мусульмане вераць, што чалавек павінен перш за ўсё выконваць волю Алаха, а ўзнагарода - гэта Ягоная справа.

3 верай аб прадвызначэнні цесна звязана ў ісламе вера ў пекла і рай. Апісваюцца яны даволі натуралістычна. Пекла - гэта месца, дзе вельмі горача і пастаянна адбываецца пяшчаная бура. Няверуючуя грэшнікі і дэманы гараць там у вечным агні: «Сапраўды, тых, якія не верылі ў Нашыя знаменні, Мы спалім у агніі! Усякі раз, як засмажыцца іх скура., Мы заменім ім іншай скурай, каб яны адчулі пакаранне. Сапраўды, Алах - вялікі, мудры!» (4, 59).

Мусульманскі рай - гэта месца, якое нагадвае аазіс. Там шмат вады, цяністыя гаі, вытанчаная ежа. У прыгожых адзеннях на шаўковых падушках ляжаць правераныя мусульмане і вакол кожнага з іх шмат гурый. Гурыі - гэта вечна маладыя і нявінныя прыгажуні мусульманскага раю, іх каханне - адна з галоўных узнагарод права - вернаму мусульманіну. Па іншых версіях, мусульманін трапляе ў рай разам са сваімі жонкамі, якія так сама робяцца вечна маладымі і нявіннымі.

Што прыгатавана чалавеку - пекла альбо рай - вырашыць Алах на Апошнім судзе. Ён будзе дапытваць кожнага з жывых і памерлых, а яны, голыя, з адной толькі кнігай у руках, дзе запісаны іх учынкі, будуць з жахам чакаць Ягонага рашэння. Заступніцтва Мухамеда перад Алахам можа не только змякчыць лёс грэшніка, але і дапамагчы яму атрымаць месца ў раі. Дарога ў рай праходзіць праз мост, тонкі, як волас, і восты, як меч. Сам чалавек прайсці праз яго не ў стане - яго павінен перавезці баран, асёл, верблюд, бык альбо конь, якога ў свой час чалавек ахвяраваў бедным у імя Алаха.

Асноўныя культавыя прадпісанні ісламу сфармуляваны ў выглядзе пяці «стаўпоў веры». Следаванне ім з'яўляецца найважнейшым абавязкам мусульманіна.

Першы са «стаўпоў» - шчырае вызнанне веры (па-арабску шахада - сведчанне). Яно зводзіцца да ўпэўненага вымаўлення ўголас асноўнага палажэння веравучэння: «Няма ніякага боства, апроч Алаха, і Мухамед - пасланнік Алаха».

Вымаўленне шахады абавязкова для кожнага мусульманіна. Актам далучэння да ісламу з'яўляецца вымаўленне шахады ў прысутнасці сведак.

Другі «стоўп» - малітва (па араб. - салат, па перс. - намаз). Мухамед прызначыў пяць абавязковых штодзённых малітваў: (на золку, апоўдні, у другой палове дня, на захадзе сонца, з надыходам ночы). Перад малітвай мусульманін абавязаны зрабіць амавенне: памыць твар і рукі да локцяў. Калі малітва адбываецца ў пустыні, дзе няма вады, можна сімвалічна пацерці рукі і твар пяском. Пасля амавення мусульманін без абутку становіцца на малітоўны дыванок тварам да Мекі і моліцца. Маліцца можна ў любым рытуальна чыстым месцы. Па пятніцах існуе калектыўная малітва ў мячэці, пры гэтым жанчыны моляцца асобна ад мужчын.

Трэці стоўп» - пост (араб. - саум) у месяцу рамадан На працягу 30 сутак гэтага месяца дарослыя мусульмане ў светлы час («калі чорную нітку можна адрозніць ад белай»), абавязаны устрымлівацца ад ежы, пітва, курэння, ужывання духоў, сексуальных адносін. З надыходам цемры забароны здымаюцца, але і ў гэты час трэба аддавацца набожным думкам і справам. Калі нехта не змог пасціцца з-за неспрыяльных абставін (хвароба, падарожжа, вайна, палон і г.д.), ён абавязаны потым папасціцца столькі дзён, колькі прапусціў. Тыя, каму пост можа зрабіць фізічную шкоду (дзеці, старыя, цяжарныя жанчыны і г.д.), вызваляюцца ад яго.

Глыбінны сэнс посту ў ісламе - удзячнасць. Чалавек асэнсоўвае сваю паслухмянасць і церпялівае служэнне Алаху, які яго накіроўвае і аб ім клапоціцца. Мухамед казаў, што з усіх абрадаў Алах найбольш любіць пост, бо ў гэты час людзі звяртаюцца да Яго.

Чацвёрты «стоўп» - абавязковая міласціна (араб. закят - ачышчэнне). Лічыцца, што міласціна ачышчае дущу ад грахоў, якія адбываюцца па прычыне чалавечага эгаізму, альбо пагоні за матэрыяльнымі дабротамі. Таксама міласціна «ачышчае» маёмасць, робіць яе праведнай. Мусульманін абавязаны дзяліцца сваім багаццем з беднымі, даўжнікамі, вязнямі, падарожнікамі і ўсімі, каму не пашанцавала, але хто таксама з'яўляецца членам суполкі веруючых. У Каране няма асаблівай заклапочанасці колькасцю міласціны. Галоўнае - шчырасць дапамогі. Паказны жэст цалкам абясцэньвае міласціну ў вачах Алаха. У шарыяце ж падрабязна абгаворваюцца сумы, якія мусульмане павінны адлічыць ад розных відаў сваей уласнасці, аднак сучасная практыка зводзіць іх да 2% у год ад аса6істара грашовага бюджэту.

Пяты «стоўп» - паломніцтва ў Меку (хаджж), якое хаця б раз у жыцці павінен зрабіць кожны мусульманін. Адбываецца яно ў дванаццаты месяц мусульманскага календара. Паломнікі робяць амавенне, стрыгуць валасы (мужчыны) і ногці, апранаюцца ў спецыяльнае белае адзенне. Ім забаронена гандляваць, праліваць кроў, стрыгчыся, галіцца, выкарыстоўваць пахучыя рэчывы, уступаць у сексуальныя адносіны. Потым яны сем разоў абыходзяць вакол Каабы, робяць іншыя рытуальныя дзеянні. Паломнік, які зрабіў хаджж, атрымлівае тытул хаджы і мае права насіць зялёную чалму.

Да іншых культавых устанаўленняў ісламу адносяцца:

- абразанне хлопчыкаў, якое звычайна робіцца на семы год жыцця. У некаторых мусульманскіх краінах (Егіпет, Судан, Йемен і інш.) абразаюць таксама і дзяўчынак, прыкладна ў чатырнаццаць год, але гэта хутчэй звычай, чым рэлігійны абрад;

- шлюб. Мужчына можа мець да чатырох жонак, але абавязаны ўтрымліваць іх і ставіцца аднолькава да кожнай;

- пахаванне. Адбываецца ў дзень смерці альбо на наступны дзень. Труп загортваюць у саван і звычайна без гроба кладуць альбо садзяць у магілу тварам да Мекі;

- ежавыя забароны (нельга ўжываць спіртное, есці мяса свінні, драпежных птушак, удушанае).

Абавязкам мусульманіна з'яўляецца джыхад (араб. намаганне, барацьба за веру). Ён падзяляецца на некалькі відаў: джыхад сэрца - барацьба са сваімі ўласнымі недахопамі; джыхад языка - дазвол добрага і забарона благога; джыхад мяча альбо газават (множны лік ад араб. газва - набег) - узброеная барацьба з «нявернымі». Пры вядзенні газавату забаронена забіваць старых, жанчын, дзяцей, няўзброеных свяшчэннаслужыцеляў любой рэлігіі. Воінам праціўніка можна аказаць літасць без якіх-небудзь абавязацельсваў з іх боку, насельніцтва і ўласнасць варожай краіны могуць быць атрыманы пераможцамі як здабыча.

Асноўнымі святамі ў ісламе з'яўляюцца:

Ураза-байрам - свята занчэння посту. Святкуецца ў першыя тры дні наступнага пасля рамадана месяца. У гэтае свята мусульманін абавязаны зрабіць духавенству паднашэнне ў грашовым альбо натуральным выглядзе, асноўная частка якога прызначаецца для бедных.

Курбан-байрам - дзень ахвярапрынашэнняў. Адзначаецца на семідзесяты дзень пасля заканчэння посту. У гэты дзень мусульманін абавязаны зарэзаць для бедных тую хатнюю жывёлу, на спіне якой ён потым уедзе ў рай.

Мірадж - свята ў гонар цудоўнага начнога падарожжа Мухамеда з Мекі ў Іерусалім, а таксама ўзнясенне да неба да прастолу Алаха, якое адбылося так хутка, што ложак Мухамеда быў яшчэ цёплым, а з выпадкова перакуленага сасуда для амавення не паспела праліцца вада.

Маўлюд - дзень нараджэння Мухамеда. Гэтае свята суправаджаецца чытаннем малітваў у мячэцях і дамах веруючых, частаваннем і паднашэннем духавенству.

Святочным днём у мусульман з'яўляецца пятніца. Гэта дзень адпачынку, веруючыя апранаюць святочнае адзенне, ходзяць у мячэць. Аднак працаваць не забаронена.

3. Кірункі ў ісламе

У ісламе існуюць два асноўныя кірункі: сунізм і шыізм. Узніклі яны ў другой палове VІІ ст. з-за разыходжанняў у вырашэнні пытання аб прынцыпах перадачы ўлады ад Мухамеда халіфам. Шыіты лічылі, што халіфам павінен быць толькі прамы нашчадак Мухамеда, суніты, што ім можа быць любы прававерны, якога выбірае мусульманская суполка (ума).

Узнікнуўшы ў выніку барацьбы за ўладу, сунізм і шыізм у далейшым для абгрунтавання сваіх пазіцый сфармулявалі некалькі палажэнняў рэлігійнага характару. Так, для сунітаў Мухамед - вялікі і ўнікальны прарок, праз якога ажыццявілася непасрэдная сувязь прававерных з Алахам. Няма нікога, хто хаця б у нейкай ступені мог замяніць Мухамеда, бо Каран з'яўляецца вышэйшай і завершанай праявай адкрыцця. Любы пераемнік Прарока можа быць толькі захавальнікам ягонай спадчыны. Ён робіцца халіфам у сілу асаблівай дамовы, якая заключаецца паміж ім і прадстаўнікамі мусульманскай суполкі. Згодна з ёй, халіф з'яўляецца кіраўніком мусульман і нясе адказнасць за тое, як яны выконваюць нормы шарыяту. Кожны з халіфаў павінен задавальняць наступным патрабаванням: мець рэпутацыю і званне знаўцы законаў ісламу вышэйшага рангу, паходзіць з племені курэйшытаў, да якога належаў Мухамед, быць справядлівым, мудрым, фізічна здаровым і клапаціцца аб сваіх падданых. Асабліва ў сунізме шануюцца першыя чатыры халіфы: Абу Бакр (632-634), Амар (634-644), Асман (644-656) і Алі (656-661).

У 1924 г. халіфат як наднацыянальны інстытут быў скасаваны. У сучасным суніцкім ісламе лічыцца, што калі шарыят выконваецца нацыянальнымі ўрадамі мусульманскіх дзяржаў, патрэбы ў халіфаце няма.

Само слова «сунізм» паходзіць ад назвы другой свяшчэннай кнігі ісламу - Суны. Паколькі лічыцца, што Мухамед непасрэдна зносіўся з Алахам, то і ягоныя ўласныя выказванні прызнаюцца боганатхнёнымі. Таму Суна ў гэтым накірунку ісламу разглядаецца як вынік звышнатуральнага адкрыцця, зборнік правілаў жыцця і паводзін. Зараз суніты складаюць прыкладна 90% ад колькасці ўсіх мусульман.

Шыіты (ад араб. шыа - групоўка, прыхільнікі) лічаць, што Мухамед з'яўляецца асобай, якая адзначана Алахам і надзелена асаблівым звышнатуральным дарам. Ён быў прызначаны не толькі кіраваць мусульманамі, але і перадаць гэты дар сваім нашчадкам. Мухамед завяршыў цыкл прароцтваў і ўжо немагчымы далейшыя боганатхнёныя адкрыцці. Шыіты лічаць, што Мухамед прызначыў сваімі пераемнікамі імамаў, якія, надзелены асаблівай духоўнасцю і бязгрэшнасцю, маюць права тлумачыць Каран. Першым імамам лічыцца Алі. Як стрыечны брат і зяць Мухамеда, ён быў не проста членам племені курэйшытаў, але «адным з людзей дома Прарока». Такія блізкія сямейныя адаосіны азначаюць для шыітаў вельмі шмат. Напрыклад, яны вераць, што Алі атрымаў у спадчыну ад Мухамеда асаблівыя духоўныя здольнасці, дзякуючы якім ён не памыляўся пры тлумачэнні Карана і кіраўніцтве мусульманскай суполкай. Алі ў вучэнні шыітаў быў з цягам часу надзелены не меншай, чым Мухамед святасцю, а ў некаторых сектах нават і большай. Лічыцца, што Алі перадаў гэтыя якасці сваім сынам Хасану і Хусейну, а яны - сваім нашчадкам. У барацьбе за ўладу шыіты арганізавалі загавор, у выніку якога халіф Асман быў забіты, а ягонае месца заняў Алі. Аднак праз некалькі гадоў Алі сам быў забіты прама ў мячэці, а ягонага сына Хусейна натуральна разадралі на часткі, бо ніхто не хацеў браць на сябе асабістую адказнасць за смерць унука Прарока. Шыіты абвясцілі Хусейна святым пакутнікам і кожны год адзначаюць дзень ягонай гібелі - Шахсей-вахсей. У гэты дэень адбываюцца ўрачыстыя працэсіі, удзельнікі якіх падвяргаюць сябе самабічаванню з мэтай узгадаць пакуты Хусейна і тым самым атрымаць у ягонай асобе свайго абаронцу. Пры гэтым яны выкрыкваюць: «Шах Хусейн! Вах, Хусейн!», што і дало назву гэтаму дню.

Пасля смерці Хусейна шыіты ператварыліся ў мусульманскую меншасць, якая праследавалася з боку сунітау.

Асаблівае месца ў веравывучэнні шыітаў займае вобраз дванаццатага імама па імені Мухамед, які жыў у IX ст. Лічыцца, што ён знік у падлеткавым узросце, але калі-небудзь з'явіцца людзям як Махдзі (Месія) і ўстановіць царства праўды і справядлівасці. Згодна з веравучэннем шыітаў, імам Мухамед і пасля знікнення аказвае ўплыў на развіццё ісламу праз сваіх прадстаунікоў, якія называюцца аяталы («божыя знамені''). Менавіта яны маюць права тлумачыць шарыят і распрацоўваць рэлігійныя нормы.

У шыізме перыядычна ўзнікаюць чуткі аб тым, што «схаваны імам» ужо прыйшоў і ўвасобіўся ў канкрэтнага чалавека. Распаўсюджванне такіх чутак у 60-80-я гг. XX ст. садзейнічалі падзеі ісламскай рэвалюцыі ў Іране, якую ўзначаліў аятала Хамейні. Ён быў абвешчаны сваімі прыхільнікамі імамам.

Шыіты, як і суніты, лічаць Суну свяшчэннай кнігай, але прызнаюць толькі тыя хадзісы, у якіх альбо гаворыцца пра Алі, альбо іх аўтарства прыпісваецца Алі і ягоным прыхільнікам. Шыіты прымаюць агульнамусульманскі тэкст Карана (бо іншага проста няма), але не задаволены ім, бо лічаць, што ён недастаткова адлюстроўвае ролю Алі. Існуе шыіцкая версія Карана з дабаўленнем суры «Два свяцілы», у якой Мухамед і Алі пастаўлены побач. Шыіты вераць, што сапраўдны тэкст Карана, вядомы святым імамам, з'явіцца разам з Махдзі, пасля чаго праўда і справядлівасць перамогуць.

Шыіты зараз складаюць прыкладна І0% ад агульнай колькасці мусульман. Жывуць яны пераважна ў Іране, Іраку, Йемене, некаторых раёнах Дагестана, Туркменістана і Таджыкістана.

У ісламе ёсць рух, які называецца суфізм. Ён не з'яўляецца асобным кірункам, ягонымі прыхільнікамі могуць быць як суніты, так і шыіты, якія імкнуцца наблізіцца да Алаха пры дапамозе метадаў духоўнага ачышчэння.

Суфізм узнік прыкладна ў сярэдзіне VШ - пачатку IX стст, як вынік аскетычна-містычных тэндэнцый у ісламе. Сярод прычын яго ўзнікнення даследчыкі называюць агульнае ўскладненне рэлігійнага жыцця ў ісламе, якое суправаджалася паглыбленымі духоўнымі пошукамі, а таксама ўплыў іншых рэлігій, у першую чаргу - хрысціянства. Само слова «суфізм» паходзіць ад арабскага «тасавуф» - «самаачышчэнне». «Суфі» (жаночы род - «суфійія») абазначае чалавека, чыё сэрца ачышчана ад мірскога бруду.

Прарок Мухамед шануецца як суфі. Лічыцца, што яшчэ ў маленстве яго сэрца было ачышчана анёламі. Сярод першых мусульман вылучаліся так званыя «людзі на лаўцы» (ал аль суфа). Яны вельмі рэдка пакідалі мячэць у Медыне, таму што бесперапынна маліліся. Насілі яны простае адзенне з шэрсці (суф), чым сімвалічна прытрымліваліся прыкладу прарокаў, асабліва Ісуса.

Сутнасць суфізму складае вера ў любоў Алаха, якая грунтуецца на словах Карана аб тым, што «сапраўды, Алах любіць богабаязненых!» (3,76). Прыхільнікі суфізму разважаюць над тэкстамі Карана і Суны і імкнуцца трымацца іх прадпісанняў. Яны адмаўляюцца ад усяго мірскога, шануць беднасць, аддаюць сябе волі Алаха і лічаць неабходньм праяўляць стойкасць у перанясенні няшчасцяў і пакут.

У суфізме лічыцца, што ёсць вельмі шмат спосабаў ачышчэння. Прыводзяцца словы Мухамеда аб тым, што колькасць шляхоў да Алаха роўнае колькасці сапраўдных веруючых. Чалавек у сваей духоўнай практыцы павінен прытрымлівацца ўказання настаўніка, каб не пайсці за Сатаной. З мэтай арганізацыі сумеснай духоўнай дзейнасці ў сярэдзіне ХП - пачатку ХШ стст. у суфізме ўзніклі ордэны. Шлях ачышчэння ў іх уяўляўся ў выглядзе лесвіцы і складаўся звычайна з наступных ступеняў: пакаянне, звяртанне да Алаха, самаадрачэнне, давер, удзячнасць, беднасць, цярпенне, любоў. Дасягненне кожнай ступені патрабуе асаблівага духоўнага стану, які дае Алах. Звычайна гэта задаволенасць, упэўненасць, блізкасць, любоў, аб'яднанне, веды.

У суфісцкіх ордэнах былі распрацаваны спецыяльныя методыкі для дасягнення асаблівага містычнага стану: вымаўленне пра сябе іменаў Алаха, спяванне гімнаў, музыка, танцы.

Канчатковай кропкай шляху ачышчэння ў суфізме лічылася да-сягненне блізкасці да Бога. Той, хто гэта зрабіў называйся «валі» (жаночы род «валійія») - «той, які каля Бога». Суфізм адмаўляе дыстанцыю паміж Алахам і ачышчаным чалавекам, за што ён кратыкаваўся прадстаўнікамі артадаксальнага ісламу.

Зараз суфісцкія ордэны ёсць у большасці мусульмаанскіх краін, хаця яны і не маюць такога ўплыву, як раней.

4. Іслам на Беларусі

Іслам на Беларусі - прышлая рэлігя, прынесеная іншым народам. Яго носьбітамі з'яўляюцца татары, якія з'явіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у пачатку ХІV ст. і ў асноўнай масе найшліся ў войска. Іх узаемаадносіны з мясцовым насельніцтвам складіся вельмі добра, татары займалі ў дачыненні да сваей новай радзімы патрыятычную пазіцыю і часта выступалі ў складзе войска Вялікага Княства нават супраць сваіх адзінаверцаў. Таксама яны ўдзельнічалі ў вайне з Тэўтонскім ордэнам і Грунвальдскай бітве (1410).

Татары, якія жылі ў ВКЛ вызнавалі сунізм. Ім было дазволена адпраўляць сваю веру і будаваць мячэці. Першыя мягчэці на тэрыторыі Беларусі з'явілся ў канцы ХІV ст. Прывілей на іх будаўніцтва давалі вялікія князі, пазней патрабаваўся яшчэ і дазвол караля. Дазвадялася будаваць толькі драўляныя і сціплыя па архітэктуры мячэці. У ХVІ ст. відавочна пісаў, што мячэці ў ВКЛ убогія і нізкія, без мінарэтаў. На момант трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) на тэрыторыі Беларусі і Літвы знаходзілася 23 мячэці і 65 малітоўных дамоў мусульман. Вядомы выпадкі паломніцтва беларускіх мусульман у ХVІ ст. у Меку.

Асіміляцыі татараў у ВКЛ не адбылося. Яны захаваліся як асобны народ і рэлігійная супольнасць, хаця многія з іх прымалі беларускія прозвішчы, звычаі, мову. Сваю мову татары на Беларусі паступова забылі, таму для задавальнення іх духоўных патрэб ствараюцца кітабы (араб. - кнігі) - рэлігійныя кнігі мусульман, якія былі напісаны на беларускай мове арабскімі літарамі. Першыя з іх з'явіліся ў ХVI ст. Яны змяшчалі апісанне мусульманскіх рытуалаў, падзей з жыцця прарока Мухамеда, маральныя павучанні, усходнія паданні, казкі, варожбы на літарах Карана і іншыя матэрыялы.

У ВКЛ мусульманскія суполкі былі самастойнымі. Пры неабходнасці вырашэння спрэчных пытанняў у рэлігійных справах яны звярталіся да знаўцаў шарыяту ў Атаманскай імперыі (Турцыя) альбо Крыме.

Пасля далучэння тэрыторыі Беларусі да Расійскай імперыі Кацярына П абяцала тутэйшым мусульманам захаваць свабоду веравызнання і ўсе былыя прывілеі.

Нягледзячы на тое, што частка беларускіх татар-мусульман удзельнічала ў вайне 1812 г. на баку Напалеона, а таксама ў паўстаннях 1830-1831 і 1863 гг., адносіны да іх з боку ўрада былі даволі памяркоўнымі.

У XIX ст. у час набажэнства мусульмане на Беларусі ўжывалі польскую мову, і на ёй жа выдаваліся іх богаслужэбныя кнігі. З гэтым змагаліся ўлады, асабліва пасля падаўлення паўстання 1863 г. У 80-я гг. беларускім мусульманам было забаронена карыстацца ў рэлігійных справах польскай мовай.

У пачатку XX ст. на Беларусі жылі каля 14 тыс. татараў-мусульман і існавала больш 20 мячэцяў.

Рэпрэсіі супраць рэлігіі ў гады Савецкай улады не абмінулі і беларускіх мусульман. Пасля Другой сусветнай вайны многія татары-мусульмане з'ехалі з Беларусі ў іншыя краіны, бо баяліся, што іх напаткае лёс крымскіх татар, да якіх яны былі блізкія. Зачыняліся мячэці, забываліся традыцыі. У канцы 80-х гг. на Беларусі існавала толькі адна мячэць у г.п. Іўе Гродзенскай вобласці.

На 1 студзеня 1999 г. на Беларусі зарэгістравана 24 мусульманскія суполкі. Падаўляючая большасць іх дзейнічае ў заходніх абласцях. У пачатку 1994 г. адбыўся першы Усебеларускі з'езд мусульман, на якім было створана мусульманскае рэлігійнае аб'яднанне Рэспублікі Беларусь. Яно выдае на рускай мове часопіс, які выходзіў пад рознымі назвамі: «Аль-Джыхад», «Аль-Іслам», «Рамазан», «Жыццё».

Іслам з`яўляецца рэлігіяй, якая сфарміравалася ў выніку сінтэзу палажэнняў іудаізму, хрысціянства і старажытных вераванняў арабскіх плямён. Ён стаў прычынай узнікнення такога гістарычнага і культурнага феномена, які называецца «мусульманскі свет». З невялікай групы семіцкіх плямён вырасла этнакультурная супольнасць з моцнай палітычнай структурай і высокаразвітай цывізацыяй, якая некаторы час знаходзілася на больш высокім узроўні, чым еўрапейская. У працэсе свайго распаўсюджвання іслам пастаянна сутыкаўся з хрысціянствам, узаемаадносіны паміж гэтымі рэлігіямі, нягледзячы на тыпалагічнае падабенства многіх элементаў іх веравучэння і культу былі, і застаюцца зараз у некаторых рэгіёнах, вельмі няпростымі. На шчасце, на Беларусі такога не назіралася, мусульмане жывуць на нашых землях ужо больш шасці стагоддзяў і заўсёды паміж імі і прадстаўнікамі іншых вераванняў існавала ўзаемапавага.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Религиоведение: Хрестоматия: Учеб. пособ. / Автор-сост. П.И. Костюкович. - Мн.: Новое знание, 2000. - 480 с.

2. Самыгин С.И., Ничипуренко В.Н., Полонская И.Н. Религиоведение: социология и психология религии. - Ростов-на-Дону, 1996.

3. Адзіночанка В.А., Рэлігіязнауства: вучэбны дапаможнік для ВНУ / В.А. Адзіночанка. - Минск: Універсітэцкае, 2001. - 240 с.

4. Радугин А.А. Введение в религоведение: теория, история и современные религии / А.А. Радугин. - М., 1997.


© 2010 Рефераты